27.01.2023
Кіраўніцтва ААТ «АЛЕВКУРП» павіншавала супрацоўнікаў з Днём беларускай навукі. Гэтае свята, нагадаем, адзначаецца ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю студзеня.У ходзе ўрачыстай цырымоніі ў адрас калектыву прадпрыемства прагучалі цёплыя віншаванні і пажаданні ад дырэктара ААТ «АЛЕВКУРП» Уладзіслава Новака і яго намеснікаў. Асобнай увагі былі ўдастоены супрацоўнікі, якія маюць вучоныя ступені.
А віктарына «Ці ведаеце Вы?» не толькі дала магчымасць кожнаму жадаючаму праверыць узровень сваёй эрудыраванасці, але і падняла настрой прысутным.
Калектыў ААТ «АЛЕВКУРП» па праве лічыць Дзень беларускай навукі сваім прафесійным святам. Бо менавіта навуковыя даследаванні і распрацоўкі ляжаць у аснове дзейнасці Таварыства.
На прадпрыемстве працуюць высокакваліфікаваныя навуковыя і інжынерныя кадры, якія забяспечваюць стварэнне высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Навуковы патэнцыял Таварыства паспяхова рэалізуецца пры стварэнні радыёлакацыйных і аптычных электронных сістэм, прылад ЗВЧ, сістэм аўтаматычнага кіравання.
За апошнія гады калектывам ААТ «АЛЕВКУРП» выканана больш за дзесяць навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, а колькасць атрыманых патэнтаў на карысныя мадэлі і вынаходкі набліжаецца да 30.
Прадпрыемства абсталяванае сучасным ЗВЧ-абсталяваннем, кантрольна-вымяральнай апаратурай і стэндамі ўласнай вытворчасці, якія дазваляюць распрацоўваць і дэталёва даследаваць шырокі спектр радыётэхнічных сістэм і іх складовых элементаў.
Таварыства пастаянна пацвярджае статус навуковай арганізацыі. Так, у жніўні 2022 года, ААТ «АЛЕВКУРП» у чарговы раз атрымала адпаведнае пасведчанне аб акрэдытацыі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на аснове ацэнкі вынікаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.