21.11.2022
У гэтыя дні на базе ААТ «АЛЕВКУРП» прадстаўнікі інжынерна-тэхнічнага персаналу кубінскага прадпрыемства вывучаюць асаблівасці тэхнічнага абслугоўвання сучасных радыёэлектронных сродкаў. У ходзе навучання нашы спецыялісты дзеляцца з замежнымі партнёрамі інфармацыяй аб прынцыпах працы вырабаў, методыках праверкі працаздольнасці сістэм, пошуку і ліквідацыі няспраўнасцяў. Вялікая ўвага пры гэтым надаецца практычным заняткам. Аб'ём атрыманых ведаў і навыкаў дазволіць навучэнцам дасканала вывучыць матэрыяльную частку. І пасля – самім ажыццяўляць работы па мадэрнізацыі разгледжаных вырабаў на больш высокім тэхналагічным і тэхнічным узроўні.
– Хачу выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву ААТ « АЛЕВКУРП » за цёплы прыём, а таксама высокі ўзровень арганізацыі навучальнага працэсу, – адзначыў прадстаўнік кубінскай дэлегацыі Эміліо Ферэр Санчэс. – Выкладчыкі маюць багаты вопыт работы са складанай радыёэлектроннай тэхнікай. Яны адказваюць на любыя нашы пытанні, дапамагаюць разабрацца з усімі тонкасцямі. Добра падрыхтавана вучэбна-матэрыяльная база для правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў. Радуе, што ў нас ёсць магчымасць замацаваць пройдзены матэрыял падчас практычнай працы на тэхніцы прадпрыемства. Упэўнены, што вопыту і ведаў, набытых намі ў Беларусі, будзе дастаткова для больш якаснага правядзення мадэрнізацыі радыёэлектроннай апаратуры, а таксама падрыхтоўкі спецыялістаў у сябе на Радзіме.